ПЕРУА́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, Гумбальта цячэнне,

халоднае паверхневае цячэнне ў Ціхім ак., галіна Заходніх Вятроў цячэння. Праходзіць з Пд па Пн паміж 45° і 4° паўд. ш., уздоўж зах. берагоў Перу і Чылі. Т-ра вады 15—20 °C, скорасць каля 0,9 км/гадз. У раёне 4° паўд. ш. адхіляецца ад берагоў на З і злучаецца з Паўднёвым Пасатным цячэннем. Некаторыя вучоныя вылучаюць прыбярэжнае і акіянскае П.ц., паміж якімі праходзіць Паўд. Перуана-Чылійскае супрацьцячэнне. П.ц. абумоўлівае адносна нізкія т-ры паветра і малую колькасць ападкаў на ўзбярэжжы.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)